Экскурсія “Усё ў маім краі сэрцу міла”
Гісторыя вескі стрыгінь
Вёска Стрыгінь - цэнтр Стрыгінскага сельскага Савета,знаходзіцца за 8 км ад г.Бярозы,14 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.
У пачатку 19-га стагоддзя - вёска у Слонімскім павеце Гродзенскай губерні. У 1817 годзе ў вёсцы была пабудавана драўляная царква Іаана Багаслова,помнік народнага дойлідства,побач з царквой - званіца на двух слупах.
У 1886 годзе - сяло ў Пескаўскай воласці,52 двары,598 жыхароў,царква,піцейны дом.
Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы 145 двароў,943 жыхары,царква,хлебазапасны магазін,царкоўнапрыходская школа граматы,кузня, два ветраныя млыны. Побач з вёскай сядзіба ( 1 двор, 9 жыхароў).
У 1905 годзе ў вёсцы 1058 жыхароў, у сядзібе 5 жыхароў.
З 1915 года вёска акупіравана германскімі войскамі.
З лютага 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года - войскамі Польшчы.
З 1921 года вёска ў складзе Польшчы. З 1924 года - у Пескаўскай гміне Косаўскага павета Палескага ваяводства, 183 будынкі, 1016 жыхароў.
У 20-я гг. ХХ стагоддзя тут была створана ячэйка КПЗБ.
З 1939 г. вёска ў складзе БССР. з 1940 г. вёска Стрыгінь у Совінскім с/с,246 двароў,1495 жыхароў.
У 1941-1944 гг. Стрыгінь акупіравана нямецкімі захопнікамі. Над вёскай у паветраным баі супраць акупантаў 24.06.1941 г. загінуў намеснік эскадрыллі 96-га бамбардзіровачнага авіяпалка Антон Васільевіч Пятроў. Пахаваны на вясковых могілках, дзе ў 1966 г. на магіле пастаўлены абеліск. У 2019 годзе лётчыку пастаўлены новы помнік. Партызанскім атрадам №112 (камандзір А.П.Чарткоў) у снежні 1942 г. разгромлены паліцэйскі ўчастак. У памяць аб гэтым на будынку старой школы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. З 12 па 16 ліпеня 1944 г. у вёсцы знаходзіўся камандны пункт 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі,адкуль камандзір дывізіі Г.М.Корчыкаў кіраваў баямі па вызваленні г.Бярозы. У гонар аб гэтым на будынку Дома культуры ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Акупанты загубілі 19 жыхароў вёскі, на фронце загінулі 53 воіны-землякі. Ва ўшанаванне памяці 114 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў вайну, у 1985 г. каля могілак пастаўлены помнік.
У верасні 1949 г. у вёсцы быў створаны калгас імя Кірава. 25 чэрвеня 1951 г. значна ўзбуйнены, аб'яднаў 4 населеныя пункты - Стрыгінь, Навое, Совіна, Галавіцкія.
З 16.07.1954 вёска - цэнтр Стрыгінскага с/с і калгаса імя Кірава. Паводле перапісу 1959 г. у вёсцы 240 гаспадарак, 986 жыхароў.
У 1970 г. - 1436 жыхароў, дзейнічаюць сярэдняя школа,дзіцячы сад,фельчарска-акушэрскі пункт,магазін,Дом культуры.
З 1 сакавіка 2002 года да Стрыгінскага сельсавета далучаны былы Высокаўскі с/с. У склад Стрыгінскага с/с уваходзіць 8 населеных пунктаў: вёскі Стрыгінь, Навое, Совіна, Галавіцкія, Высокае, Мастыкі, Перасудавічы, Пузі.
У 2007 г. вёска Стрыгінь газіфікавана.
На 1 верасня 2008 г. на тэрыторыі сельсавета пражывала 1640 чалавек, сярод якіх 175 дзяцей,645 чалавек працаздольнага ўзросту. У весцы Стрыгінь налічваецца 323 двары, 744 жыхары, з якіх 127 дзяцей, 386 чалавек працаздольнага ўзросту, 231 пенсіянер.
На 01.02.2010 года на тэрыторыі Стрыгінскага с/с пражываюць 1604 жыхары. У вёсцы Стрыгінь налічваецца 318 двароў,737 жыхароў. Сельскагаспадарчую дзейнасць ажыццяўляе ААТ "Бярозаўская машынна-тэхналагічная станцыя".
Сярод аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння - адміністрацыйны будынак сельскага Савета, аддзяленне "Стрыгінь" ААТ "Бярозаўская МТС", сярэдняя школа на 210 месц (вучыцца 98 школьнікаў,працуюць 22 настаўнікі), дзіцячы сад "Ручаёк" (выхоўваецца 27 дзяцей), аддзяленне паштовай сувязі, ФАП, два магазіны,буфет, Дом культуры, бібліятэка, баня, камбінат бытавога абслугоўвання.
У пойме ракі Ясельда размешчаны прыродна-экалагічны заказнік "Спораўскі", на тэрыторыі якога гняздзіцца адна з самых вядомых птушак Беларусі - вяртлявая чарацянка. На арандаваным СТАА "Бярозатур" вадаёме "Навое" адкрыты месцы для адпачынку на прыродзе і рыбнай лоўлі.
ЦАРКВА ІААНА БАГАСЛОВА
У вёсцы Стрыгінь захаваўся помнік народнага драўлянага дойлідства - царква Іаана Багаслова, зрубленая рукамі простага селяніна Васілія Крука ў 1817 годзе.
Выгляд храма просты і зразумелы. Царква пабудавана з дрэва, яна з невялікім прытворам. Галоўны фасад фарміруюць трохвугольныя франтоны прытвора і асноўнага аб'ёму.
Вертыкальна абшаляваныя сцены прарэзаны на бакавых фасадах дзвюма парамі прамавугольных аконных праёмаў, на галоўным фасадзе - шырокім прамавугольным дзвярным праёмам. Крыша двускатная. Завяршае храм чацверыковая вежа з купалам.
У сярэдзіне алтар аддзелены ад залы драўляным іканастасам. Сярод храмавых рэліквій іконы ХУІІ - ХІХ стагоддзяў і разны іканастас 1830 года з іконамі-клеймамі евангелістаў.
Побач з царквой устаноўлена званіца ў выглядзе шатровага навесу на двух слупах. Гэта архаічная калакольня - адзіная ў сваім родзе ў гэтых месцах, якую не сустрэнеш ні за 100, ні за 200 вёрст адгэтуль.
Царква асвечана 9 кастрычніка. Гэты дзень стаў прастольным святам - Днём памяці Іаана Багаслова. Прыхаджане збіраюцца на храмавае свята, наведваюць магілы сваіх родных і блізкіх.
АДКУЛЬ ЖА МЫ РОДАМ
Кожны народ мае свае карані,глыбокія,сівыя,якія цягнуцца недзе ажно з тых часоў, калі з'явіліся першыя людзі. І, мабыць, кожнаму з нас хочацца прасачыць,адкуль жа гэтыя карані ідуць, адкуль жа мы родам.
Паселішча жалезнага веку, якое знайшлі археолагі ў 1986 г. на высокай тэрасе над ракой Ясельдай, сведчыць, што людзі сяліліся ў нашых мясцінах з незапяматных часоў.
Па-рознаму тлумачыцца назва вёскі Стрыгінь. Адна легенда расказвае…
Была ў аднаго вяскоўца надта злая ды сварлівая жонка. Поедам ела свайго гаспадара: то тое ёй не падабаецца,то гэта ёй не так. Заўважыць,што гаспадар прысеў,ужо ляціць з крыкам:
-Ідзі ў лес, грыбоў прынясі! Ягад назбірай! Разваліўся, гультай...
Так і на той раз было. Хацеў селянін нешта сказаць у адказ, але баба так паглядзела сурова,што гаспадар моўчкі ўзняўся і пайшоў. Зайшоў у пушчу, сеў пад магутным дубам, журыцца сам сабе ўголас. Ажно чуе нечый голас, які спытаў яго, чаго ён плача, жаліцца на жыццё. Расказаў мужык аб сваім жыцці, аб злой жонцы. Той жа голас параіў яму:
- Я табе дапамагу. Ідзі дахаты. Дома на ганку будуць стаяць поўныя кошыкі грыбоў і ягад.
Прыйшоў дахаты чалавек. На парозе стаялі поўныя кошыкі ягад і грыбоў. Але сварлівая баба не супакоілася. Яна сказала, што,калі так лёгка назбіраць грыбоў і ягад, то і яна заўтра пойдзе ў лес.
Пайшоўшы назаўтра ў лес, жанчына села пад дубам і давай плакаць. Праз некаторы час чыйсці голас спытаў у яе, чаго яна плача. Хітрая пляткарка скардзілася на свайго мужа, што ён у яе гультай, п'яніца, нічога не робіць, што загадаў ёй назбіраць грыбоў і ягад. Таямнічы голас параіў ісці дахаты, усе будзе зроблена. Баба пабегла. Дома ледзь не ашалела ад злосці. На ганку ляжаў ахапак гнуткі лазовых дубцоў. Селянін з жонкаю пачалі біцца. Ён крычаў:
- Я табе голена, а ты мне -стрыжана.
Але жонка была ўпартая і крычала: " Не голена, а стрыжана".
Выбегла яна на дарогу. У гэты час праязджала панская карэта, перад якой і апынулася жанчына. Яна ўвесь час крычала: " Стрыжана!". Спалохаліся пан ягоныя слугі, пачалі ўцякаць ў лес. Апынуўшыся ў чыстым полі, пападалі. Там, дзе яны ўпалі, пазней і з'явілася вёска з назвай - Стрыгінь.
Другое паданне распавядае аб тым, што на адным з хутароў займаліся развядзеннем авечак. У атарах былі не толькі свае авечкі, але і з суседніх хутароў. Авечак стрыглі, часалі і пралі шэрсць, выраблялі шкуры. А хутар гэты знаходзіўся ў цэнтры сучаснай вёскі, вось ад гэтага і пайшла назва вёскі Стрыгінь. А яшчэ старажылы расказваюць, што ў гэтай мясцовасці жыў пан Стрыган. Ён быў уладальнікам зямель.Мясцовыя жыхары служылі ў яго. З кожным годам усё больш людзей наймаў пан для працы па гаспадарцы. Яны непадалёку сяліліся. Мяркуюць, што ад прозвішча гэтага чалавека і паходзіць назва вёскі.
А вось яшчэ меркаванне: вакол паселішча рос стрыжнёвы лес, і тут было вельмі многа стрыжоў.
СЯМЕЙНАЕ БАГАЦЦЕ
Марыя Васільеўна і Антон Сямёнавіч Папко ў моцным сямейным саюзе пражылі паўстагоддзя.Гэта цудоўная сям'я выгадавала і выхавала 11 дзяцей. І якіх дзяцей! Добрых, уважлівых, дапытлівых і таленавітых.
Марыя Васільеўна і Антон Сямёнавіч вялі сваіх дзяцей па жыцці з бацькоўскім клопатам і пяшчотай, прывіваючы ім любоў да працы, да роднай зямлі, да сваёй Бацькаўшчыны.
Вядома, няпроста было накарміць, апрануць, абуць столькі дзяцей, дапамагчы выбраць дастойную дарогу ў жыцці. Але сям'я Папко старалася прывіваць ім любоў да ведаў у школе, выхоўвала сваіх дзяцей асабістым прыкладам у працы.
Нягледзячы на інваліднасць Антона Сямёнавіча, бацькі працавалі па меры сваіх сіл у калгасе, трымалі каня, што было вялікай падтрымкай у сваёй гаспадарцы. А яшчэ бацька быў удачлівым паляўнічым, заўзятым рыбаком, выдатным таксідэрмістам. Сам навучыўся вырабляць чучалы птушак і жывёл, якія да гэтай пары збераглі форму, і ў многіх аматараў - паляўнічых захоўваюцца як сувеніры. Ён пчаляр, і працалюбівыя пчолы адказваюць на клопат гаспадара духмяным мёдам.
У маці Марыі Васільеўны свае заслугі. Яна была надзвычай добрым і ласкавым чалавекам, цудоўнай гаспадыняй. Ва ўтульным доме для дружнай і багатай сям'і заўсёды хапала месца. Святое прызначэнне жанчыны на Зямлі - мацярынства. Марыя Васільеўна подзвігу мацярынства прысвяціла ўсё сваё жыццё. За выхаванне сваіх дзяцей яна ўзнагароджана ордэнам " Маці-гераіня".
Разважлівыя бацькі былі задаволены тым, што мелі. У сям'і раслі здаровыя, разумныя і прыгожыя дзеці. Яны радавалі бацькоў вучобай і паводзінамі, умелі клапаціцца адзін аб другім. У адносінах заўсёды панавалі любоў і павага да бацькоў, узаемнае разуменне. А гэта самае галоўнае багацце, чым могуць ганарыцца бацькі. У дзень свайго 85-годдзя бацьку было прыемна гаварыць, што ўсе дзеці жаданыя і Богам даныя.
Кожны з дзяцей непаўторны і цікавы па-свойму. Усе дзеці выбралі розныя прафесіі. Большасць з іх жывуць і працуюць у Бярозе.
Старэйшы сын Віктар жыве ў Расіі, працуе брыгадзірам на Арлоўскім заводзе стальнога пракату.
Сын Сцяпан у 1979 годзе паехаў у Маскву, дзе патрэбны былі рабочыя рукі на будаўніцтве аб'ектаў Алімпіяды, ды так і стаў масквічом,працуе прыватным прадпрымальнікам.
Любоў бацькі да лесу перадалася сярэднім сынам. Станіслаў закончыў Шацкі тэхнікум лясной гаспадаркі. Ён выдатны майстар - рэзчык па дрэве, натхнёна працуе над сваімі адмысловымі вырабамі. Яўгеній - выпускнік Кіеўскай акадэміі лясной гаспадаркі, у вольны час таксама захапляецца разьбой па дрэве.
У сям'і большасць дзяцей любяць маляваць. І нядзіўна, што дачка Раіса з гэтым звязала сваю будучую прафесію. Пасля заканчэння Кобрынскага мастацкага вучылішча працуе ў Бярозе мастаком-афарміцелем рэкламных работ. У нашым музейным пакоі ўсе стэнды аформлены яе рукамі.
Дачка Ірына пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта - мастак-дызайнер у цэнтры пазашкольнай работы гэтага абласнога цэнтра.
Ёсць у сям'і і вельмі рэдкая прафесія - іхтыёлаг. Дачка Марыя закончыла Калінінградскі інстытут рыбнай гаспадаркі. Зараз яна жыве ў Санкт-Пецярбургу, прыватны прадпрымальнік, праца звязана з атрыманай спецыяльнасцю.
Дзякуючы сваім настаўнікам, якія прывілі вясковай дзяўчынцы любоў да школы, а таксама і гена бацькі, які ўсё ў жыцці ахопліваў працай і розумам, дачка Таццяна закончыла школу з залатым медалём, затым філфак БДУ, аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Зараз Таццяна Антонаўна - дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага універсітэта.
Марыя Васільеўна і Антон Сямёнавіч дапамаглі дзецям атрымаць адукацыю, справілі ўсім вяселлі, усіх сыноў урачыста правялі ў армію.
Усе дзеці працавітыя, выхаваныя, паважаныя і сумленныя людзі, у кожнага з іх свая моцная сям'я. Род Папко папоўніўся 22 таленавітымі і творчымі ўнукамі, ужо падрастаюць і праўнукі. А гэта самае галоўнае багацце і надзея. У радаслоўнага сямейнага дрэва Папко вельмі шырокая крона...
ТРАДЫЦЫЙНЫ КАСЦЮМ НАШАЙ МЯСЦОВАСЦІ
Традыцыйны касцюм з'яўляецца своеасаблівай візітнай карткай беларусаў. Разам з мовай ён лічыцца найважнейшай этнічнай прыкметай і яскрава адлюстроўвае характар народа,узровень яго духоўнага і матэрыяльнага жыцця.
Народная этыка рэгламентавала пэўныя нормы жыцця, якія датычыліся і касцюма. Напрыклад, для мужчын лічылася непрыстойным выйсці за парог сваёй хаты, не падперазаўшыся поясам. Замужнім жанчынам забаранялася быць без фартуха і галаўнога ўбору,які б не закрываў усе валасы. Нельга было пакідаць адкрытымі і такія часткі цела, як шыя, локці, калені. Гэта вызначала асноўныя састаўныя часткі традыцыйнага касцюма і іх форму.
Вобразамі сівой даўніны павявае ад касцюма на наступным здымку.
На здымку фатографа Юзэфа Шыманчыка - Агафія Васільеўна Мшар, якая нарадзілася ў 1893 годзе. Яна была жонкай Марціна Іванавіча Мшара, пражыла доўгае жыццё, памерла ў 1967 годзе.
Перад намі босая жанчына ў святочным адзенні на фоне пакрытай саломай хаты. Яна апранута ў ільняную сарочку з доўгімі рукавамі і шчыльным адкладным каўняром. Рукавы сарочкі аздоблены вышытымі ўзорамі, якія ўласцівыя для нашай мясцовасці. Яркай адметнасцю касцюма з'яўляюцца спадніца-папярэчка і фартух, аздоблены папярэчным арнаментам і карункамі.
На галаве жанчыны - каптур (галаўны ўбор у выглядзе хусткі з тонкага палатна). Па здымку можна прасачыць, што для касцюма характэрны пераважанне белага колеру і далікатная стрыманасць арнаментальнай аздобы, якая ў асноўным складаецца з папярэчных палосак.
У свой час фатограф Юэф Шыманчык, чалавек-легенда з Косава, які зрабіў усё магчымае, каб спыніць імгненне хуткабежнага жыцця, падарыў здымкі Агафіі Васільеўне і сям'і У.С. і К.В.Мшар. Цікава тое,што сям'ю Мшар ён фатаграфаваў у Косава, тады як А.В.Мшар была знята ў Стрыгіні каля свайго дома.
У 30-я гады ХХ ст. у весцы Стрыгінь была пачатковая школа, настаўнікамі ў якой працавалі сёстры Антаніна і Ванда Юзэфовіч. Гэтыя настаўніцы займаліся яшчэ і арганізацыяй народных спектакляў, у прыватнасці вясельных абрадаў. Рэпетыцыі спачатку праходзілі ў весцы Стрыгінь, а затым “артысты” выязджалі з паказам ў Косава і Пінск. Вось у час аднаго з такіх абрадаў фатографам Юзэфам Шыманчыкам і былі зроблены здымкі “Закаханыя”.
У той час, а здымкі датаваны 1937 годам, Ульяна Сцяпанаўна і Кірыл Венядзіктавіч Мшар былі ўжо жанатыя. Дарэчы, Ульяна Сцяпанаўна ўсе сваё працоўнае жыццё працавала ў Стрыгінскай школе тэхнічкай.
У.С. і К.В. Мшар расказвалі яшчэ такую дэталь. На вясельныя абрады пяклі каравай. Гледачам было цікава адведаць яго. За што яны плацілі грошы. За гэтую выручку куплялі інструменты для апрацоўкі льну – церніцы, трэпачкі, а таксама калаўроты, ніткі, кросны, якімі карысталася ўся вёска.
СЛЕД У ГІСТОРЫІ
Кожная вёска Стрыгінскага сельсавета мае свае асаблівасці, традыцыі, але галоўнае, чым можа ганарыцца – гэта людзі, якія пакінулі і пакідаюць значны след у гісторыі роднага краю.
Станаўленне калгаса імя Кірава і развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці неразрыўна звязана з іменем старшыні Івана Сцяпанавіча Жолудзева. За працоўныя поспехі Іван Сцяпанавіч у 1958 годзе ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, у 1966-ым удастоены ордэна Леніна, а ў 1973 годзе – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Лепшыя з лепшых працаўнікі калгаса таксама адзначаны высокімі ўзнагародамі: ардэнамі “Знак Пашаны”, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Працоўнай Славы III ст. У розныя гады ардэнаносцамі сталі трактарыстыВасілій Мікалаевіч Бык, Іван Маркавіч Папко, Яўгеній Мікалаевіч Казінец, Іван Андрэевіч Ківатыцкі і Мікалай Мікалаевіч Ківатыцкі; шафёры Васілій Андрэевіч Мшар, Пётр Мікалаевіч Крагель і Сцяпан Аляксеевіч Філюта; свінаркі Алена Васільеўна Бык і Надзея Васільеўна Вайцяхоўская; даярка Алена Мікалаеўна Бык і даглядчык жывёлы Мікалай Сямёнавіч Дымша і інш.
Рад працаўнікоў за сумленную працу ўзнагароджаны медалямі “За працоўную доблесць” і “За працоўную адзнаку”. Сярод іх трактарысты калгаса Ківатыцкі Іван Андрэевіч, Мшар Яўгеній Аляксандравіч, Кулініч Іван Васільевіч; шафёр бобель Уладзімір Іосіфавіч; даяркі Бык Вера Іванаўна і Мшар Вера Антонаўна, цялятніца Бярынчык Любоў Сцяпанаўна і інш.
Ганаровае званне “Заслужаны калгаснік” было прысвоена Івану Сцяпанавічу Жолудзеву, трактарыстам Васілію Мікалаевічу Быку, Івану Андрэевічу Ківатыцкаму і Івану Пятровічу Макарэвічу; шафёру Пятру Мікалаевічу Крагелю; даяркам Марыі Пятроўне Ківатыцкай, Марыі Васільеўне Ківатыцкай, Веры Антонаўне Мшар і Ганне Юсцінаўне Ківатыцкай; брыгадзіру Мікалаю Андрэевічу Ківатыцкаму; загадчыку свінагадоўчай фермы Ільі Ільічу Грынкевічу; даглядчыкам жывёлы Уладзіміру Іосіфавічу Лаўрусіку і Івану Якаўлевічу Панасюку і інш.
ЧАСЦІНКА ЖЫЦЦЯ
Васілій Мікалаевіч Бык сорак гадоў свайго жыцця прысвяціў таму, каб на нашых сталах заўжды быў свежы духмяны хлеб. Сорак гадоў сустракаў ён досвітак ў полі, якому дарыў сваё цяпло і клопат. Працаваў Васілій Мікалаевіч у калгасе імя Кірава трактарыстам і камбайнёрам.
Не адно поле ўзараў за сваё працоўнае жыццё Васілій Мікалаевіч, і кожнаму кавалачку зямлі ён аддаваў сваю энергію, часцінку душы. Радаваўся хлебароб першым усходам, шалясценню маленькіх расткоў, зароджанаму коласу, сакавітаму зярняці… А поле, адчуваючы клопат чалавека, дзякавала дарамі. І не было для хлебароба на зямлі важнейшага месца, чым поле, мілае сэрцу стрыгінскае поле.
Роднае поле… Яно стала часцінкай жыцця Васілія Мікалаевіча, яго радасцю і надзеяй. Нават ў святочныя і выхадныя дні не забываў аб ім хлебароб, рана ўставаў і позна лажыўся. Вялікай павагай ён карыстаўся сярод сваіх аднавяскоўцаў, стаў “Заслужаным калгаснікам” калгаса імя Кірава.
За любоў да зямлі, за адказную і доблесную працу Васілій Мікалаевіч Бык узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў.
ТАЛЕНТ РОДНАЙ ЗЯМЛІ
На тэрыторыі нашага сельсавета нямала таленавітых людзей, якія па імкненню душы займаюцца рознымі відамі творчасці, зберагаючы багатую беларускую народную спадчыну. Яны старанна працуюць над сваімі вырабамі, дадаюць да традыцыйнай тэхнікі выканання аўтарскія знаходкі, з радасцю перадаюць сакрэты свайго майстэрства дзецям.
Такім відам жаночых мастацкіх рамёстваў, як ткацтва, вышыўка, карункавае пляценне, прысвячаюць вольную часінку народныя ўмельцы: Арэхава Ніна Гаўрылаўна, Доміна Валянціна Андрэеўна, Доміна Надзея Іванаўна, Дземідовіч Яніна Казіміраўна, Макоўчык Таццяна Міхайлаўна, Кавалевіч марыя Мікалаеўна, Папко Еўдакія Пятроўна, Ківатыцкая Ганна Юсцінаўна, Ківатыцкая Вольга Васільеўна, Казінец Надзея Мікалаеўна і інш.
Усе народныя майстрыхі маюць любімы занятак, яны знаходзяць асалоду ў творчасці, адпачываючы душой і сэрцам.
35 гадоў Софія Мікалаеўна Казінец працавала загадчыцай ФАПа ў вёсцы Стрыгінь. Заўсёды была адной з лепшых, карысталася вялікай павагай, узнагароджана медалём “За працоўную доблесць”. Яна, вядома ж, ганарылася ўзнагародай, як зараз ганарыцца сваімі карцінамі-вышыўкамі.
Софія Мікалаеўна ўжо на пенсіі. З задавальненнем вяжа, таму ўсе блізкія ў падарунак ад яе атрымалі вязаныя рэчы. Але больш за ўсё яна любіць вышываць. Пачала гэтым займацца яшчэ ў 15 гадоў. Вышыўка для Софіі Мікалаеўны – гэта свята душы. Далёка за поўнач сядзіць яна з пяльцамі, не працуе толькі ў святочныя дні і рэлігійныя святы.
Першая карціна, якая была вышыта пасля доўгага перапынку, называецца “Матылькі”. Менавіта тады Софія Мікалаеўна зразумела, што рукі не забылі тое, што ўмелі.
У вольную ад хатніх спраў часінку рвецца яе душа да іголкі з ніткамі, да сваіх карцін, да вышытых ікон Ісуса Хрыста, Божай Маці, Пачаеўскай лаўры.
Чаруе майстрыха над малюнкамі, не заўважаючы часу. У выніку вышыты “Фея”, “Лебедзі”, “Анёл”, “Пакроўскія вароты”, “Стары млын” і інш.
А карціна “Бярозавы гай” напамінае ёй дзяцінства, узлесак за родным бацькоўскім домам.
Софія Мікалаеўна – жанчына найдабрэйшай душы і з вялікім пачуццём гумару. Наперадзе ў яе многа творчых задумак.
МАЙСТАР ВЫЦІНАНКІ
У снежні 1998 года на базе Дзіцяча-юнацкага спартыўна-эстэтычнага цэнтра быў створаны раённы клуб народных майстроў “Суквецце”. Членам гэтага клуба стала і наша зямлячка, жыхарка вёскі Совіна Макоўчык Алена Васільеўна – майстар роспісу па шклу і выцінанцы.
Алена Васільеўна, як і маці, вельмі любіла маляваць. У школе афармляла насценгазету, српабавала маляваць па шклу – атрымлівалася нядрэнна.
Стаўшы дарослай, займалася роспісам, маляваннем і выцінанкай, захаплялася вышыўкай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Ужо ў сталыя гады, калі працавала ў Бярозаўскай нарыхтоўчай канторы, не губляла сувязі з самадзейнымі артыстамі. І спявала, і чытала. Аднойчы Алена васільеўна трапіла на Рэспубліканскі агляд самадзейнасці, дзе з поспехам прачытала байку “Як Кузьма падкузьміў” і заняла 3 месца.
Алена васільеўна Макоўчык – актыўная ўдзельніца раённых і абласных выстаў. З задавальненнем прымала ўдзел у раённых святах і святах ДзЮСЭЦ. На паседжаннях клуба стала традыцыйным правядзенне “Майстар-класаў”, дзе Алена Васільеўна з цікавасцю сустракалася з дзецьмі, перадавала ім сакрэты свайго майстэрства. Ахвотна яна ўдзельнічала і ў мерапрыемствах, якія праводзіліся ў вёсцы і Стрыгінскім Доме культуры.
Пераможца 1-га рэспубліканскага конкурсу выцінанкі “Ажурныя фантазіі” Макоўчык Алена Васільеўна была ўзнагароджана Дыпломам за лаканізм і выразнасць мастацкай мовы твораў (2000г.). Майстар выцінанкі ўдзельнічала ў 2004 годзе ў абласной выставе “Велікодны вернісаж”, дзе яе работы адзначаны Ганаровай граматай.
У 2004 годзе на раённым фестывалі народнага мастацтва “Беларусь – мая песня” майстар размалёўкі па шклу Макоўчык Алена Васільеўна была ўзнагароджана Дыпломам за творчасць і майстэрства, актыўную выставачную дзейнасць.
“Дэкаратыўныя пано” Алены Васільеўны змешчаны ў кнізе Яўгена Сахуты “Народнае мастацтва Беларусі”
раскрыть » / « свернуть